Інтэлектуальная гульня «Тутэйшыя» з удзелам маладзежнага актыву дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» адбылася пятага снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Баларусі. Арганізатарам мерапрыемства выступіў аддзел па рабоце з моладдзю і фізкультурна-аздараўленчай рабоце філіяла «Тралейбусны парк № 5». Што рабілі і хто выйграў – даведалася карэспандэнт «ТС».
Пазмагацца ў мазгавой бойні на беларускай мове вырашылі 24 чалавекі, па два з філіяла прадпрыемства. На каманды нашы транспартнікі падзяліліся метадам лесавання: кожная пара цягнула лісток з назвай каманды і шукала прадстаўнікоў іншага філіяла з такім жа аркушам.
Ацэньвала адказы і выстаўляла балы журы, у склад якога ўвайшлі Людміла Высоцкая, намеснік генеральнага дырэктара – дырэктар па ідэалогіі, сацыякультурнай і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Вольга Машкала, намеснік дырэктара па кадрах, ідэалагічнай і сацыяльнай рабоце ТП-5, Наталля Швайба, знаўца беларускай мовы, і карэспандэнт газеты «Транспортник столицы» Ірына Юшкевіч.
Калі каманды склаліся і атрымалі тайныя канверты, тады «Знічкі», «Буслікі», «Валошкі», «Вожыкі», «Жэўжыкі» і «Чараўнікі» прыступілі да выканання заданняў.

Беларуская культура
У першым туры наша моладзь павінна была напісаць словы адразу на беларускай і рускай мове, гледзячы на 15 розных малюнкаў. Сярод іх былі певень, прас, шкарпэткі, швэдар, спадніца, цмок і многія іншыя. Часу, каб перакласці ўсе словы, было мала, вядучыя кожны раз нагадвалі пра тры хвіліны, якія адводзіліся для адказаў у кожным туры і цяклі скрозь пальцы як пясок.
Наступны раўнд патрабаваў ад нашых калег уважлівасці і засяроджання, бо яны павінны былі на аркушы паперы з крыжаванкай знайсці назвы беларускіх святаў. Час хутка бег, пакуль удзельнікі шукалі на лісце «Вадохрышча», «Пакроў», «Багач», «Дажынкі», «Дзяды», «Каляды». Дадатковыя балы атрымалі тыя, хто змог апісаць народныя святы, паведаміць пра іх сутнасць і прыкметы.
Следам былі адкрыты першыя тайныя канверты, а ў іх – хуткамоўкі – пачаўся этап «Лепшы гаварун». Адразу папярэдзім, што ніводны транспартнік не зламаў язык, калі дэманстраваў свае дыкцыйныя здольнасці – усе справіліся добра. Мы прапануем паспрабаць і вам, вось адна з худкамовак: «У кавярні кавалер Валерка перакуліў талерку з катлетай Веркі».

Глыбы нацыянальнай літаратуры
Два наступных туры былі звязаны з беларускімі пісьменнікамі і літаратурнымі творамі. Моладзь згадвала страчаныя словы вершаў Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча і Віталя Карпанава, успамінала «Зорку Венеру» і «Спадчыну». А таксама па эмодзі адгадвала беларускія раманы.
Нашы каманды адкрылі апошні тайны канверт, у якім хаваліся розныя песні, і скончылі беларускую гульню ў караоке. Хлопцы і дзяўчаты прадэманстравалі свой артыстызм, спяваючы на роднай мове калыханку, знакамітую «Завіруху» і «Хату бацькоў», а таксма «Польку беларускую» ансамля «Сябры» і «Бялявую, чарнявую» «Песняроў».

Пераможцам з вялікім адрывам у балах стала каманда «Буслікі» (Яна Андрэева – тэхнік па вядзенні эксплуатацыйнай дакументацыі службы арганізацыі руху ТП-5, Алеся Гусенцава – механік аддзела тэхнічнага кантролю ТП-5, Аляксандра Канзас – інжынер матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння РБУ, Міхаіл Генук – вытворца работ РБУ). Яны змаглі зарабіць вялікую колькасць дадатковых балаў за веданне беларускіх вершаў і выкананне адрыўка песні «Па-над белым пухам вішняў» Аляксандрай Канзас.

– Мне вельмі спадабалася сенняшняе мерапрыемства. Радуе, што беларускай мове надаецца больш увагі, што яна становіцца больш папулярнай сярод моладзі, – пракаментавала дзяўчына.
Дыпломы і падарункі ўдзельнікам інтэлектуальнай гульні ўручыў старшыня Аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» Алег Матвеенка.

Любоў ЛЕБЕДЗЕВА,
фота аўтара


