Информация о сбоях в работе транспорта Подробнее...

Закрыть

Хто ты гэткі? Свой, «Тутэйшы»

Перакласці рускія словы і растлумачыць беларускія, знайсці адпаведныя прымаўкі, інсцэніраваць байку Кандрата Крапівы. Сярод працуючай моладзі дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» на базе філіяла «Тралейбусны парк № 5» упершыню прайшла інтэлектуальная гульня «Тутэйшыя».

Мэта мерапрыемства – зацікавіць супрацоўнікаў беларускай культурай і мовай, раскрыць інтэлектуальныя і творчыя здольнасці працуючай моладзі, а таксама сфарміраваць навыкі эфектыўнага каманднага ўзаемадзеяння і ўмацаваць карпаратыўны дух. У гульні прынялі ўдзел адзінаццаць філіялаў і адміністрацыя прадпрыемства.

Перад пачаткам прайшло лёсаванне. Два філіялы аб’ядноўваліся ў адну каманду. Зборная «Буслікі» склалася з прадстаўнікоў другога і чацвёртага транспартных паркаў, «Валошкі» – пятага аўтобуснага і трэцяга тралейбуснага, «Жэўжыкі» – Мінскага аўтавакзала і адміністрацыі, «Вандроўнікі» – шостага аўтобуснага і службы энергагаспадаркі, «Дранікі» – сёмага аўтобуснага і агенцтва «Мінсктранс», «Знічкі» – трамвайнага і першага транспартнага паркаў. Кожны ўдзельнік меў бэйдж з указаннем свайго імя і прозвішча, а таксама галаўны ўбор у народным стылі.

Да гульцоў звярнуўся дырэктар філіяла «Тралейбусны парк № 5» Віктар Старавераў. Ён пажадаў поспехаў, задавальнення ад спаборніцтва і нагадаў, што ведаць родную мову павінен кожны беларус.

Сачыла за ходам імпрэзы і су­дзі­ла яе кампетэнтнае журы, якое ўзначаліла выкладчык беларускай і рускай мовы і літаратуры Вольга Макарэвіч. У склад журы ўвайшлі выкладчык беларускай мовы і літаратуры Алена Бурло, а таксама былы намеснік дырэктара ТП‑5, дарэчы, зямлячка Якуба Коласа, Наталля Швайба.

Першы тур называўся «Перак­ладчыкі». Камандам прапанавалі за адну хвіліну перакласці з рускай на беларускую мову дзесяць слоў і словазлучэнняў. За правільны адказ залічваўся адзін бал. Заданні былі як простыя («утюг», «жидкость»), так і больш складаныя («шуруп», «месторождение нефти», «обратиться к врачу»). Пры гэтым журы ацэньвала правільнасць не толькі перакладу, але і напісання. За дакладны адказ, але з граматычнымі памылкамі залічвалася толькі палова бала.

У другім туры – «Прыказкі i прымаўкі» – неабходна было запісаць аналаг беларускай прыказкі або прымаўкі (усяго іх было дзесяць) на рускай мове. За найбольш правільны варыянт зборнай залічвалі два балы. Час на абмеркаванне – тры хвіліны. І тут патрабавалася не толькі добра ведаць беларускі і рускі матэрыял, але і не блытаць, калі які выраз ужываюць. А вы змаглі б адразу знайсці адпаведнік для такога выразу: «Колас да коласа – сноп будзе»? Не? А гэта ўсім знаёмае «Копейка руб­ль бережет». Але калі гульцы шукалі сінанімічны выраз, напрыклад, для «абое рабое» і перакладалі яго не як «два сапога пара», а «муж и жена – одна сатана», гэта таксама залічвалася за правільны адказ.

Далей камандам трэба было па-беларуску растлумачыць два прапанаваныя беларускія словы. Напрыклад, пра «кажана» гульцы казалі, што гэта «млекакормячая істота, якая вядзе начны лад жыцця». Каб падумаць і адказаць, давалі тры хвіліны. За найбольш дакладны варыянт у скарбонку каманды залічвалі два балы.

Апошні, чацвёрты, тур «Тутэйшае жыццё» вымагаў ад удзельнікаў праявіць не толькі творчыя здольнасці, але і ўменне хутка генераваць ідэі і ажыццяўляць іх на сцэне. Кожная каманда атрымала «сцэнарый міні-п’есы» – аркуш з байкай Кандрата Крапівы. За дзесяць хвілін спадары і спадарыні павінны былі прыдумаць, як па ролях разыграць «Ганарыстага Парсюка», «Дыпламаванага Барана», «Саву, Асла і Сонца» і іншыя. Журы ацэньвала і артыстызм, і арыгінальнасць падачы матэрыялу.

Трэба адзначыць, работнікі «Мінсктранса» паказалі, на што здольныя. З аркушаў паперы майстравалі «дыплом» і «мандат». Каманда «Дранікі» таксама з паперы выразала сонца, а каб яно свяціла, прыстасавала… ліхтарык мабільнага тэлефона. Вушы «Аслу» зрабілі з хустачкі, і персанаж байкі насамрэч спрабаваў дапамагчы «Саве» і засланіць сабою сонца.

Паводле палажэння конкурсу максімальная адзнака за гэты тур была два балы. Але суддзі палічылі, што за такія яскравыя выступленні гэта занадта мала, таму павысілі да шасці.

Пераможцам інтэлектуальнай гульні стала каманда «Жэўжыкі» – 34 балы. У яе склад увайшлі інжынер аддзела арганізацыі перавозак адміністрацыі прадпрыемства Вольга Тоўпік, карэспандэнт газеты «Транспортник столицы» Ірына Юшкевіч, аператар ЭВМ Яна Ціхановіч і дыспетчар аўтамабільнага транспарту філіяла «Мінскі аўтавакзал» Яна Краўчанка. Усім удзельнікам мерапрыемства ад Аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі і адміністрацыі дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» былі ўручаны падарункі.

– Я ніколі не была на такім мерапрыемстве, і яно мяне прыемна ўразіла і натхніла. Столькі таленавітых маладых людзей, якіх аб’яднала любоў да беларускай мовы і культуры, сабраліся разам! Я атрымала вялікую асалоду! Поспехаў усім вам, даражэнькія работнікі «Мінсктранса», – адзначыла старшыня журы Вольга Макарэвіч.

Ірына ЮШКЕВІЧ, фота прэс-службы прадпрыемства